СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДАВАННЯ (СВГК),
вышэйшы надзвычайны орган стратэгічнага кіраўніцтва Узбр. Сіламі СССР у Вял. Айч. вайну. Створана ў Маскве паводле пастановы СНК і ЦК ВКП(б) ад 23.6.1941. Напачатку наз. Стаўка Гал. Камандавання (СГК). У яе склад уваходзілі С.К.Цімашэнка (старшыня), І.В.Сталін, В.М.Молатаў, С.М.Будзённы, К.Я.Варашылаў, Г.К.Жукаў, М.Г.Кузняцоў. 10.7.1941 пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання (СВК); яе ўзначаліў Сталін, у склад уведзены Б.М.Шапашнікаў. З 8.8.1941, калі Сталін быў прызначаны Вярх. Галоўнакамандуючым, Стаўка стала наз. СВГК. У ходзе вайны ў розны час у яе склад уваходзілі вядомыя паліт., дзярж. і ваен. дзеячы. 17.2.1945 пастановай Дзярж. к-та абароны вызначаны склад СВГК: Сталін (Вярх. Галоўнакамандуючы), Жукаў (нам. Вярх. Галоўнакамандуючага), А.М.Васілеўскі, А.І.Антонаў, М.А.Булганін, Кузняцоў. СВГК кіравала франтамі, флатамі і авіяцыяй далёкага дзеяння, а таксама арганізоўвала ўзаемадзеянне (каардынавала дзеянні) паміж дзеючай арміяй і партыз. фарміраваннямі (праз Цэнтральны штаб партызанскага руху). Асн. рабочымі органамі СВГК былі Генштаб, упраўленні нар. камісарыятаў абароны і ВМФ.
С.В.Папоў.
т. 15, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)